6 чэрвеня ў лагеры “Весяльчак” дзень падарожжаў. Пасля арганізацыйнай лінейкі, сняданку выхаванцы даведаліся, як берагчы сваё здароўе падчас правядзення хвілінкі здароўя на тэму “Бяспека здароўя”. Прайшоўшы інструктаж па правілах паводзін падчас правядзення экскурсіі, рабяты адправіліся падарожнічаць па г. Дзятлава. Спачатку атрад “Усмешка” пазнаёміўся са славутасцямі раённага цэнтра. Дзеці даведаліся аб назвах вулачак, гісторыю ўзнікнення касцёла, каму і за што пастаўлены помнікі ў г. Дзятлава. Усё гэта ім падрабязна расказала і паказала экскурсавод Абрамчык Алена Рыгораўна. Потым рабяты наведалі краязнаўчы музей, дзе супрацоўнікі падрыхтавалі і правялі для іх квэст-гульню “У пошуках скарбаў Радзівілаў”, паказалі выставу работ мясцовага мастака Уладзіміра Мікіціча Міхалюка, правялі экскурсію па экспазіцыі “Нельга забыць, нельга зразумець, нельга дараваць”, прысвечаную падзеям Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Шмат уражанняў атрымалі выхаванцы, наведаўшы раённае аддзяленне МНС. Сучасны будынак і абсталяванне, пажарная машына, брыгада выратавальнікаў, спецыяльныя прылады працы і адзенне, памяшканні і аператыўная дзейнасць зладжанай каманды выратавальнікаў выклікалі станоўчыя эмоцыі ва ўсіх удзельнікаў экскурсіі. Рабяты актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне “Правілы пажарнай бяспекі”, не саромеліся задаваць цікавячыя іх пытанні. Уражаныя і задаволеныя экскурсанты вярнуліся ў лагер, дзе з захапленнем дзяліліся сваімі ўражаннямі падчас правядзення выніковай лінейкі.